Выставы

 Табой, настаўнік, ганарымся

       Настаўнік – гэта не проста прафесія, гэта лёс. Сёння мы, вучні і выпускнікі Макараўскай сярэдняй школы, схіляемся перад мудрасцю, чалавечнасцю дадзенай прафесіі і заўсёды будзем удзячны сваім настаўнікам за захаванне іх веры ў свае высокае прызначэнне. Гэтыя словы з упэўненнасцю адносяцца  да Уладзіміра Іванавіча Трафіменкава,  настаўніка  з вялікай літары. За сваю мнагалетнюю працу ён заслужыў не толькі гонар і павагу ад выпускнікоў ,вучняў цяперашняй школы, аднавяскоўцаў, але і  мае нямала ўзнагарод. Галоўная з якіх – званне Заслужанага настаўніка БССР. Як жыве Трафіменкаў У.І. знаюць многія, і, напэўна, па-добраму зайздросцяць – усё жыццё займаўся чалавек любімай справай, даражыць ёй  і яна… сапраўдная, добрая.   Уладзімір Іванавіч таленавіты педагог. Макараўская школа стала для яго родным домам. Ён амаль яе равеснік, толькі на чатыры гады маладзейшы. Уладзімір Іванавіч прымаў удзел у будаўніцтве новага будынка школы. У сценах будынка вырасла тры пакаленні вучняў.

 Пра У.І. Трафіменкава можна сказаць словамі з верша  І. Дзічкоўскай “Настаўнікі”:
Чалавек пакідае рознае:
Вершы, рэчы, сваіх дзяцей,
Кнігі, запісы, песні слёзныя,
А настаўнік – проста людзей.
І ацэняць яго, я думаю,
Па тых вучнях, што у свет ён пусціў,
Па іх талентах, па іх здольнасцях,
Што настаўнік знайшоў і развіў.

    Непростым быў шлях настаўніка. Шлях чалавека, які ён аддаў усяго сябе такой справе. Нарадзіўся Уладзімір Трафіменкоў 9 верасня 1932 года ў вёсцы Надворнае Якімавіцкага раёна Смаленскай вобласці. Выхоўваўся ў вялікай дружнай сям’і, дзе з пяці выжыўшых дзяцей быў самым малодшым.                                                                                                                                 
         Бацька працаваў цесляром, выхоўваў дзяцей адзін, так як маці памерла у час родаў. Цяжкае жыццё выпала на долю дзяцей. Але бацька клапаціўся  аб тым, каб кожны з іх атрымаў адукацыю. Пачатковую адукацыю маленькі Валодзя атрымаў у Надворнаўскай пачатковай школе. Затым прадоўжыў навучанне ў Коскаўскай сямігодцы, куды прыходзілася  кожны дзень дабірацца за 9 кіламетраў пешшу. Вучыўся Валодзя ў школе на выдатна і быў вельмі актыўным вучнем, арганізатарам многіх школьных мерапрыемстваў. Пасля заканчэння школы ён адправіўся ў Ваўкавыск, дзе жыла і працавала яго старэйшая сястра. Тут ён у 1947 годзе паступіў у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў з правам навучання матэматыцы. Адразу пасля заканчэння вучылішча быў накіраваны ў горад Брэст на месячныя курсы, а пасля іх завяршэння – у Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці, дзе быў размеркаваны настаўнікам пачатковых класаў і гісторыі Макараўскай сямігодкі. У 1961 годзе ён  становіцца дырэктарам Макараўскай васьмігадовай школы.

  У арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ўстала задача стварэння кабінетнай сістэмы навучання, выраб наглядных дапаможнікаў. Былі абсталяваны і аснашчаны дапаможнікамі кабінеты рускай мовы і літаратуры, матэматыкі. Да 1963 года  былі створаны кабінеты хіміі і біялогіі, фізікі. Школа першай у раёне перайшла на кабінетную сістэму. У хуткім часе яна стала перадавой і па другіх напрамках  вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пераймаць вопыт прыязджалі настаўнікі і кіраўнікі школ з усёй Гродзенскай вобласці. Заслугі Уладзіміра Іванавіча былі адзначаны не толькі мясцовымі органамі ўлады, але і рэспубліканскімі. 1 верасня 1967 года за поспехі ў справе народнай адукацыі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР У.І. Трафіменкаву было прысвоена званне Заслужаны настаўнік  БССР.
  Аб тым, што школа - галоўнае дзецішча Уладзіміра Іванавіча Трафіменкава, стала вядома не толькі ў раёне , але і далёка за яго межамі. Аб гэтым сведчаць неаднаразовыя публікацыі ў друку абласнога і рэспубліканскага значэння. У “Настаўніцкай газеце” ад 3 чэрвеня 1970 года чытаем: “Ёсць у Бераставіцкім раёне Макараўская васьмігодка. Гэта звычайная сельская школа, якіх шмат на Гродзеншчыне. Працуе ў ёй невялікі, але дружны педагагічны калектыў, які ўзначальвае Заслужаны настаўнік БССР У.І. Трафіменкаў. Калі знаёмішся з дзейнасцю гэтай школы, адчуваеш шчырую павагу і ўдзячнасць да калектыву педагогаў – працаўнікоў, якія з вялікай любоўю, умела і настойліва робяць сваю высакародную справу. Абласны камітэт партыі, аблана, інстытут удасканальвання настаўнікаў вядуць работу па пашырэнні вопыту педагагічнага калектыву Макараўскай васьмігадовай школы. Гродзенскі гарадскі Дом настаўніка пад кіраўніцтвам інспектара гарана Л.В.Чарнілоўскага зрабіў вучэбны кінафільм “Макараўская васьмігадовая”, які мае вялікі поспех сярод педагагічнай грамадкасці вобласці”.
       У 1974 годзе Макараўская васьмігадовая школа была ўдастоена права ўдзельнічаць на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.  Педагагічны калектыў прадстаўляў сістэму вучэбна-выхаваўчай работы  і альбомы, якія прадстаўлялі накірункі выхаваўчай работы, гісторыка-краязнаўчую дзейнасць, атэістычнае выхаванне, узоры наглядных дапаможнікаў па рускай мове. У Маскве  школа была ўзнагароджана Дыпломам II ступені, сярэбраным і бронзавым медалямі.
  Уладзімір Іванавіч працягваў кіраваць створанай ім школай да 1993 года. Калі прыйшоў час ісці на пенсію, педагог вырашыў: растацца са школай не зможа, таму што ў менавіта ў рабоце атрымлівае сапраўднае задавальненне.. У Макараўскай сярэдняй школе настаўнік працаваў яшчэ 14 гадоў. У арсенале Трафіменкава поўны набор разнастайных грамат і прэмій, ёсць імя педагога і ў кнізе “Памяць” Бераставіцкага раёна.  Аб славе ён, напэўна, ніколі не задумваўся. Для Уладзіміра Іванавіча існавала паўсядзённая, напружаная праца на карысць роднай школы. Кім яму толькі не даводзілася быць: і строгім, справядлівым суддзёю,  і адмысловым лекарам дзіцячых душ, і трэнерам памяці. Заўсёды адказваць за вучнёўскія адзнакі, за іх веды, за прысутнасць на ўроках,  за паводзіны ў школе і дома,  сачыць, ці  абутыя – адзетыя, ці напітыя-наетыя, быць у курсе, дзе яго любімых вучняў да апоўначы носіць…
 Аўтар – Ігнатовіч Івона, вучаніца 11 класа


 І гучала над калыскай…

    Напэўна, у жыцці кожнага чалавека ёсць падзеі, забыць якія немагчыма. Заўсёды з вялікім хваляваннем успамінаю маё першае знаёмства з прадметамі нацыянальнай культуры.
      А адбылося гэта так…
     Вечар. Кладуся спаць раней, бо заўтра наш клас ідзе на экскурсію ў школьны музей. Доўга ляжу, прыслухоўваюся да кожнага гука. За акном ноч, цёмная и трапяткая. Зоркі заглядваюць у маё акенца, натхняюць на ўспаміны…
  Перад вачамі ўсплывае знаёмая кожнаму карціна: матуля нахіляецца над калыскай, папраўляе коўдра і ціха спявае калыханку:
Зорачкі-заранкі,
Гэта кветкі неба;
Пасьля калыханкі
Спаць заўсёды трэба.
Раз, два, тры, чатыры, пяць, засынай!
Раз, два, тры, чатыры, пяць, баю-бай!
  А раніцай, прачнуўшыся, думаю, … І вось, падыходзячы  да дзвярэй музея, ціхенька адчыняю іх і… трапляю ў звычайную сялянскую хату. І раптам сярод многіх рэчаў мой погляд адразу ж спыняецца на дзіцячай люльцы.  Паслухаўшы аповяд экскурсавода, для сябе вырашаю, што абавязкова даведаюся пра ўсё, звязанае з гісторыяй гэтага цікавага прадмета.
  Наша пакаленне, якое вырасла у калысках фабрычнай вытворчасці, амаль не ўяўляе, як раслі нашы дзядулі і бабулі. А між іншым, у кожнай сялянскай сям’і, нягледзячы на занятасць, знаходзілі час і магчымасці, каб уласнаручна зрабіць свайму дзіцяці калыску. У народзе казалі: “Без калыскі не вырасціш дзіця”. Пра гэта ж гавораць народныя загадкі:
     Сярод хаты вярбовы корчык.
     Па хаце ходзіць, а сцежкі не ведае.


    Чатыры чатырночкі, пята калабушычка, шоста сайдушка, сема жывулечка.
   На Беларусі калыскі сустракаліся самыя разнастайныя. Найбольш простым відам калыскі была палатняная. Яна уяўляла сабой нацягнуты на квадратную альбо авальную рамку кавалак палатна. На Міншчыне, Віцебшчыне, Магілеўшчыне іх звычайна рабілі  з дошак, у выглядзе скрынкі з вертыкальнымі альбо расхіленымі уверсе сценкамі. На Палессі сустракаліся  лубяныя люлькі. А вось у нашым музеі занаходзіцца калыска, характэрная для заходняй Беларусі, Панямоння. У нас іх плялі з лазы, карэнняў, ракіты ў выглядзе кошыка.
  Для зручнасці гушкання да калыскі прывязвалі вяроўку альбо пояс, з дапамогай якога можна было гушкаць на адлегласці, адначасова займаючыся якой-небудь працай.
    Па спосабам калыхання выдзяляюцца зыбкі, якія гушкаліся зверху ўніз, і калыскі, што гушкаліся збоку ўбок. Зыбкі часцей сустракаліся на Віцебшчыне. Іх прымацоўвалі да канца гнутай жэрдкі, другі канец якой прывязвалі да бэлькі або затыкалі за яе. У нас былі распаўсюджаны калыскі другога тыпу. Іх падвешвалі на крук на чатырох вяроўках, якія ішлі ад кутоў і адначасова служылі апорамі для абруса ці ручніка.
   У калысцы дзіця праводзіла першы год свайго жыцця, пачынала спасцігаць навакольны свет. Летам у час жніва калыску бралі з сабою ў поле. Вешалі яе на дрэва або ставілі ў цень каля снапоў.
Сьпі, мая кветачка,
Любая дзетачка,
Люльку пад грушаю
Ветрык пагушкае.
    Мамка ў полі жне,
    Татка валы пасе.
    Татка пасе ўвесь дзень
    І да цябе ня йдзе.
Мамка ў полі жаць,
Цябе ня можа ўзяць,
Сьпі, мая кветачка,
Любая дзетачка.
    Сьні свой салодкі сон,
    Сьні свій чароўны сон.
    Дзетка ўсьміхаецца –
    Сон падабаецца.
      З калыскай  быў звязаны шэраг прыкмет. Першаму дзіцяці абавязкова стараліся зрабіць новую калыску, прычым рабіць яе павінен быў бацька. У адваротным выпадку лічылі, што дзіця не будзе шанаваць бацькоў. Калі ж бацька не мог зрабіць калыску, то ен павінен быў хоць што-небудзь дарабіць у ей, ці хоць прычапіць вяроўкі. Старую калыску для першага дзіцяці стараліся не браць яшчэ і таму, што баяліся, каб у ей часам не гушкалі хворае дзіця. Было пажадана, каб усе дзеці ў сям’і выраслі ў адной калысцы. Тады яны будуць трымацца адно аднаго і жыць дружна.
      Маці старанна рыхтавала полаг, каб абараніць дзіця ад камароў, мух, святла і злых сіл. Часцей за ўсё полагам станавілася матуліна спадніца ці бабулін сарафан.
      Люлька падвешвалася побач з ложкам матулі. Лёгкі штуршок — і плыла яна  па хаце, супакойваючы дзіця. У вялікай сям’і калыска ніколі не пуставала, бо дзеці нараджаліся амаль кожны год. Іншым разам рабілі не адну, а дзве люлькі.  Адсюль і наша беларуская прыказка: “Ані лыжкі, ані міскі, павесіў тры калыскі”.
     Перш чым пакласці дзіця ў калыску, выконвалі шэраг рытуальных дзеянняў: абпырсквалі яе святой вадой, абсыпалі макам ці чацвярговай соллю, бабка-павітуха малявала вакол яе круг, чытала замовы, каб дзіця добра расло, добра спала па начах і г.д. Лічылася, што для дзіцяці увесь час існавала небяспека з боку нячыстай сілы, начніц, якія маглі мучыць яго, не давалі яму спаць. Каб абараніць ад іх дзіця, ў калыску клалі грэбень або верацяно.
     У нашых продкаў існаваў шэраг строгіх забарон, якія тычыліся калыскі: нельга было гушкаць пустую калыску, гушкаць яе ўдваіх, сядаць ці абапірацца на калыску.  Катэгарычна забаранялася несці калыску пустой; у любым выпадку ў яе нешта неабходна было пакласці. Таксама, калі пераносілі калыску з хаты ў хату, яе нельга было ставіць на зямлю, каб не наклікаць на дзіця беды і нястачы.         
     Усё тое, што я даведалася пра калыску я з асалодай расказваю ўсім, хто наведвае школьны музей, бо сама цяпер з’яўляюся яго экскурсаводам. І каб захаваць сувязь пакаленняў і нацыянальныя традыцыі перадам гэтыя веды сваім дзецям.
                                                        Аўтар – Ігнатовіч Караліна, вучаніца 10 класа


Комментариев нет:

Отправить комментарий

Главная страница